• МіёрыМіёры
  • Комплекс - раённы Дом культуры і дзіцячая школа мастацтваўКомплекс - раённы Дом культуры і дзіцячая школа мастацтваў
  • НабярэжнаяНабярэжная
  • Праваслаўны храм у г. МіёрыПраваслаўны храм у г. Міёры
Галоўная -  Рэгіён -  Гісторыя

Гісторыя

Гісторыя

Старонкі гісторыі

Міёршчыну з поўным падставай можна назваць ціхім краем азёр, балот і лясоў. І ўсё ж гэта ўяўленне зманліва: нашы месцы ніколі не абыходзілі бокам бурныя падзеі гісторыі.

Міёршчына была заселена ў эпоху мезаліту – больш як дзесяць тысяч год назад, пасля адступлення апошняга ледавіка. Але вядомыя пастаянныя паселішчы пераважна па берагах рэк і азёр эпохі неаліту (5-4 тыс. гадоў да н. э.) і бронзавага веку (2 тыс. гадоў да н. э.) каля вёсак Паддубнікі, Язна, Шарагі, Субачэва, Сабалеўшчына, Панізова, Пруднікі, Вострава і інш., дзе людзі жылі стагоддзямі. Найбольш ранняе паселішча славян выяўлена ў в. Кухтінцы, а курганныя пахаванні – ля вёсак Кублішчынва, Лясная, Чамяры, Чурылава, Вята, Паддубнікі, Лявонпаль, Снегі.

Людзі ў гэтых месцах здаўна пакланяліся валунам. У в. Язна вядомы вялізны валун, дзе, па паданнях, палуднаваў ці то Напалеон, ці то Кацярына ІІ. А на камені ў выглядзе чашы каля былой в. Бертаўшчына паблізу Новага Пагоста, як сведчаць паданні, у 1812 годзе елі французы. А непадалёк ад Старога Пагоста знаходзіўся валун, які (па легендзе) шыў аддзенне людзям, пакуль нейкая жанчына не прагневала яго. Каля вёсак Наўгароды, Волкаўшчына, Снегі, Беларуская, Пераброддзе, Чурылава знаходзіліся так званыя камяні-следавікі.

Але самымі вядомымі сталі Барысавы камяні або «Пісанікі», якія знаходзіліся ў рэчышчы Заходняй Дзвіны. Адзін з іх – камень з чырвонага граніту – яшчэ ў 1878 годзе з вялікімі цяжкасцямі быў дастаўлены ў Маскву і зараз знаходзіцца ў музеі-запаведніку «Каломенскае».

Уяўленне аб Барысавых камянях можна атрымаць па валуну ля Сафійскага сабора ў Полацку, ужо ў наш час паднятага з рэчышча Заходняй Дзвіны. Але ў самой рацэ апошні можна ўбачыць толькі ў г. п. Друя.

Гісторыя нашых мясцін звязана з імем полацкага князя Усяслава Брачыслававіча (1044-1101), вядомага яшчэ як Усяслаў Полацкі, Усяслаў Чарадзей. Аб гэтым сведчыць знаходка ў 1914 годзе ў ваколіцах Дзісны яго пярсцёнак-пячатка. У гэтай сувязі цікава ўспрымаецца версія археолага, вандроўніка і мастака Язэпа Драздовіча аб тым, што легендарныя Дудуткі, ад якіх «скокнуў воўкам хутка да Нямігі» Усяслаў Брачыслававіч, як сказана ў «Слове аб палку Ігаравым», знаходзяцца ў даліне ракі Авуты на мяжы сучасных Міёрскага і Глыбоцкага раёнаў.

Дзісна – самы старажытны населены пункт раёна. Першапачаткова людзі жылі на мысе пры ўпадзенні ракі Дзісна ў Заходнюю Дзвіну. Менавіта тут знаходзіўся фарпост крывічоў-палачан у Х-ХІ стагоддзях, які неаднаразова супрацьстаяў рэгулярным рэйдам крыжакоў у больш позні перыяд. У Хроніцы Германа Вартберга ад 1374 года успамінаецца Новы замак рускіх, які магістр ордэна са значнымі сіламі безвынікова штурмаваў ў 1377 годзе. Дакладнае знаходжанне гэтага замка не ўстаноўлена, але самае зручнае месца для яго менавіта ў Дзісне, першае пісьмовае згадванне аб якой у "Літоўскай метрыцы" ставіцца да 1461 годзе: "А судзіў сам кароль у Діснах". Пазней землямі тут валодалі полацкія баяры.

Дзісна ў больш позні час вядомая як «Капец-гарадок». Замак тут займаў плошчу каля 5 гектараў. Яго валы першапачаткова падымаліся на 5 метраў, на іх стаяў дубовы частакол, які пазней заменены гароднямі. З падзеннем Полацка ў часы Лівонскай вайны (1558-1583) значэнне Дзісны ўзрастае. Аднаўляе ўмацаванні ўжо тады "старога" замка "рыцер і ваеннік добры" Баркулаб Іванавіч Корсак. Уявіць іх не цяжка: акружаны водамі Дзвіны і Дзісны востраў ўзвышаўся на 10 метраў, на ім былі насыпаны такой жа вышыні валы, яшчэ вышэй – драўляныя сцены з 9 вежамі, на якіх стаялі 14 медных і 13 жалезных гармат, 30 "гакаўніц". Яго называлі Верхнім замкам, так як і горад схаваўся за валунамі са сценамі і 14 вежамі ў міжрэччы тых жа Дзвіны і Дзісны. Асаблівасцю Ніжняга замка было тое, што ён узводзіўся з 1569 года "коштам і сіламі" не дзяржавы, а мясцовага насельніцтва і тых, хто выратаваліся, пасля падзення горада палачан. На яго сценах стаяла 40 гармат рознага калібра.

Значэнне ўмацаванняў ў Дзісне высока цаніў кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст. Праз тры гады пасля адраджэння горад атрымаў права бяспошліннага гандлю, а яшчэ праз год Жыгімонт Аўгуст даў яму новыя льготы і герб – «тры вежы з муру». Па просьбе гараджан Дзісна неўзабаве атрымала магдэбургскае права і новы герб –ладддзю

З ХVІ стагоддзя папісьмовых крыніцах становяцца вядомымі Чэрасы, Язна, Наўгароды, Курылавічы, Юндзялова, Іст, Дзедзіна і іншыя. 13 студзеня 1517 года Жыгімонт Стары зацвердзіў абмен зямельных маёнткаў паміж Гетаўтам Каленіковічам і падляскім ваяводам Іванам Сапегам, па якім І. С. Сапега атрымаў Орцы і Міёры, якія былі выслужаны Гетаўтам у каралевы Алены. Гэта першае пісьмовае ўпамінанне нашага раённага цэнтра, як населенага пункта.

Кароль Сігізмунд Аўгуст дараваў за асаблівыя заслугі 25 лютага 1571 года магдэбурскае права вёсцы Пераброддзе, якая да горадам так і не стала.

Вялікую цікавасць да Дзісны праяўляў польскі кароль Стэфан Баторы. У час полацкага паходу ў 1579 годзе ён прыпыніўся тут лагерам і зрабіў агляд войскам, якія потым рушылі ў паход праз Дзвіну па мосце на лодках. А, вяртаючыся восенню, пакінуў у замку артылерыю. Летам 1581 года адсюль пачынаў паход на Пскоўшчыну. Па легендзе, жадаючы яшчэ больш умацаваць дзісенскі замак, кароль загадаў паглыбіць роў перад ім, такім чынам, злучыўшы рэчышча рэк Дзвіны і Дзісны. «Баториев перакоп» ператварыў замак у востраў.

У «смутны час» (1611г.) кароль Жыгімонт ІІІ менавіта ў Дзісне прымаў у сваё падданства 230 маскоўскіх баяр. Тут начаваў пасля бітвы пад Кушлікамі, дзе была цяжкая перамога над войскамі Хаванскага і Нашчокіна, кароль Ян Казімір. Дзісна згадваецца і ў сувязі з паходам цара Аляксея Міхайлавіча летам 1656 года «пад Рыгу». Маскоўскія войскі адпачывалі супраць горада, на іншым беразе Дзвіны па дарозе туды, а, вяртаючыся – рухаліся па левым беразе праз Горкі.

Пётр І па дыпламатычным каналам выступіў у абарону невялікага і малавядомага праваслаўнага манастыра ў Міёрах, разрабаванага 20 снежня 1690 года. Гэты царскі пратэст высвяціў значную для беларусаў постаць Сімяона Полацкага – С. Е. Пятроўскага-Сітніяновіча, настаўніка дзяцей маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча.

С.Е. Пятроўскі-Сітніяновіч аб роднай зямлі ніколі не забываў. У сваім духоўным тэстаменце ен ахвяраваў значныя сумы некалькім беларускім манастырам, у тым ліку Міёрскаму і Дзісенскаму.

Апошнім, хто валадарыў у нашых месцах быў расійскі імператар Аляксандр І. Ён разам з 1-й Заходняй арміяй адступаў пад націскам войскаў Напалеона ў 1812 годзе да Дрысенскага (Дрыскаму) ўмацаванаму лагеру, які знаходзіўся на левым беразе Заходняй Дзвіны ў раёне вёсак Брэдзева, Барсукі, Слабада (Путры), Шчэберы, Дварчаны.

З нашымі мясцінамі звязана нямала сапраўдных і легендарных падзей. Так, у часы паўночнай вайны князь Аляксандр Меньшыкаў нейкі час выконваў абавязкі старасты ў Дзісне. Калі пасля Палтаўскай бітвы рускія войскі рушылі на Рыгу, а артылерыю туды перапраўлялі па сушы спачатку да Дзісны, а ад яе – па вадзе.

Біёграфы А. С. Пушкіна і літаратуразнаўцы больш позняга часу даюць падставу меркаваць, што прататыпамі знакамітага Дуброўскага быў шляхціч Астроўскі з радавога маёнтка Аржаневічы або Астроўшчына ў Дзісенскім павеце за 8 км ад павятовага цэнтра па дарозе на Полацк. Уладальнік 20 сялянскіх душ. Шляхецкія дакументы Астроўскага згарэлі, ен не змог пацвердзіць сваё паходжанне падчас «разбору шляхты». І стаў нядаўні ўдзельнік паўстання 1830-31 гадоў 22-гадовы Павел Астроўскі, які ўцёк з-пад варты ў Пскове высакародным разбойнікам, сапраўдным мясцовым Робін Гудам, чым і захапіў Аляксандра Сяргеевіча. Толькі пісьменнік перанёс свайго героя далей ад небяспечнага паўстання.

Пісар Вялікага княства Літоўскага Мікалай Лапацінскі ўзвёў у 1750 годзе палац у Лявонпалі і арганізаваў вытворчасць тканін і вырабаў з так званага друйскага лёну, які высока шанаваўся на рынку. Гэты населены пункт стаў культурным цэнтрам дзякуючы вялікай бібліятэцы, друкарні, збораў карцін вядомых еўрапейскіх мастакоў, у тым ліку Рубенса. І не выпадкова ў 1793 годзе на ўскраіне Лявонпаля мясцовая шляхта ўстанавіла калону ў гонар канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года. Удзельнікі гэтай падзеі ў недалёкай будучыні сталі паплечнікамі Тадэвуша Касцюшкі.

У сярэдзіне ХІХ ст. маёнтак Дарожкавічы каля Дзісны належыў Кастравіцкім. Гаспадыня маёнтка добра ведала паэта Адама Міцкевіча, а верш «Майтэк» рукой аўтара быў запісана ў яе альбом. Гэта і паслужыла падставай яшчэ адной прыгожай легенды, што сам вольналюбівы паэт нейкі час хаваўся ад уладаў тут у капліцы.

Выпускнік Дзісенскай гімназіі, вядомы польскі пісьменнік Ян Гушча (нарадзіўся у фальварку Задвор'е ў 3 км ад Цвеціна) звязваў Кастравіцкіх з Дарожкавічаў, актыўных удзельнікаў паўстання 1863 года, з Гіёмам Альбертам Апалінарыем Кастравіцкім, больш вядомым як французскі паэт Гіём Апалінэр.

Дзісна на рубяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў была найбуйнейшым павятовым горадам Віленскай губерні, значным гандлёва-рамесным цэнтрам. Тут грузіліся і перегружаліся параходы, фарміраваліся плыты з драўнінай. Менавіта з Дзісны пачалася першая паездка па Беларусі тады яшчэ аматарскай тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага. Яе выступленне тут «наша ніва» назвала «вялікім нацыянальным святам».

Дзісеншчына ў поўнай меры выпрабавала нягоды і пазбаўленні першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. У раёне Дзісны фармаваў свой 3-і конны корпус перад паходам Чырвонай Арміі на Варшаву ў чэрвені 1920 года герой грамадзянскай вайны Г. Д. Гай. А гэта 4097 шабляў, 46 станковых кулямётаў і 20 гармат. Гэтыя сілы пачалі наступ на маёнтак Дрыгучы 4 ліпеня.

І ўсё ж па Рыжскаму дагавору Міёршчына адышла да Польшчы. Аднаўленне народнай гаспадаркі ішло павольна. Аднак пабудавана чыгунка міма Новага Пагоста і Міёраў да Друі. У Міёрах з'явілася «фабрыка» запалкавай саломкі, развівалася спажывецкая кааперацыя. У сельскай гаспадарцы настойліва насаждалая хутарызацыя і распродаж памешчыцкіх зямель.

Паступова ў краі былі зачыненыя ўсе беларускія школы, а адукацыя ажыццяўлялася ў 39 пачатковых, 7 шасцігадовых школах і Дзісенскай гімназіі на польскай мове. Дарэчы сказаць, гімназія давала трывалыя веды і дазволіла праявіцца многім мясцовым талентам. Сярод іх паэт Дзмітрый Касаты, пісьменнік Ян Гушча, беластоцкі арцыбіскуп і мітрапаліт Эдвард Кісель.

Удзельнічаў у стварэнні беларускіх школ у Заходняй Беларусі абраны ў 1922 годзе дэпутатам польскага сейма ўраджэнец. в. Кухцінцы (цяпер у складзе. в. Завуцце) Пётр Васільевіч Мятла. Ён уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб, быў адным са стваральнікаў і членам ЦК Беларускай сялянска-рабочай грамады.

Настаўнік Флор Данатавіч Манцэвіч, які выкладаў у школах вёсак Ніўнікі і Старыя Крукі, будучы дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку ў 1939 годзе, выступаў дакладчыкам па другім асноўным пытанні «Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР», прадстаўляў дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР і СССР на сэсіі Вярхоўнага Савету СССР у Маскве. Ён з'яўляецца першым настаўнікам народнага артыста СССР Генадзя Іванавіча Цітовіча – беларускага этнамузыколага, дырыжора, збіральніка музычнага фальклору і харавога дзеяча, які нарадзіўся ў 1910 годзе ў в. Новы Пагост.

Новае жыццё ў нашы месцы прынесла ўз'яднанне Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. Пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі, пераклад гаспадарчага і ўсяго грамадскага жыцця на савецкі ўзор. Аднымі з першых ўтвораны калгасы «17-е Верасня» ў Лявонпалі, «Праўда» ў Камянполлі, «Чырвонае Знамя» ў Слабадзе, «Парыжская камуна» ў Свярдлах.

Прайшлі выбары ў Саветы, пачала выходзіць раённая газета «Бальшавіцкая трыбуна».

15 студзеня 1940 г. утвораны Міёрскі раён.

40-50-ыя гады 20 стагоддзя - Міёрскі і Дзісенскі раёны ўключаны ў Полацкую вобласць

8 студзеня 1954 года Дзісенскі і Міёрскі раёны ўключаны ў Маладзечанскую вобласць

1959 год – ліквідаваны Дзісенскі раён

10 студзеня 1960 года Міёрскі раён у складзе Віцебскай вобласці

2003год. - адкрыццё наберажнай у Міёрах

2004 год – у г. Дзісна адкрыта аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту

з лістапада 2005 года адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ў г. Дзісна

з лістапада 2007 года забяспечана падача прыроднага газу жыхарам райцэнтра.

у 2007 годзе адкрыты МРЭА ДАІ, які абслугоўвае Міёрскі, Браслаўскі і Шаркаўшчынскі раёны

2008 год пабудаваны мост праз р. Заходняя Дзвіна, які злучыў Мёрскі і Верхнядзвінскі раёны

з 2008 года праводзіцца фестываль «Перабродская зорка»

у 2008 г. пабудавана адміністрацыйны будынак пракуратуры Міёрскага раёна.

у канцы 2008 года ўстаноўлены новыя італьянскія і расійскія печы ў «філіял «Міёрскі хлебазавод» ААТ «Віцебскхлебпрам».

у 2009 годзе ўведзена ў эксплуатацыю новая аўтазаправачная станцыя

у студзені 2009 года на базе ДУА «Миорская сярэдняя школа №3» адкрыты музей «Кнігі і друку»

у лютым 2010 года адкрыты фізкультурна-аздараўленчы комплекс у г. Мёры.

у маі 2010 года ўведзена ў эксплуатацыю поле са штучным пакрыццём для міні-футбола

з 2012 года у верасні на Міёршчыне праводзіцца экалагічная свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю»

у ліпені 2012 года адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Героя СССР Ягора Андрэевіча Томка.

2013 год - пабудавана адміністрацыйны будынак Міёрскага прадстаўніцтва Беларускага рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства «Белдзяржстрах».

2014 год - у г. Міёры пабудавана міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём і комплексная спартыўная пляцоўка са штучным пакрыццём

2015 год - рэканструяваны камбікормавы цэх ААТ «Міёрскі камбікормавы завод»

2015 год - уведзены ў эксплуатацыю новы халадзільнік на ААТ «Міёрскі мясакамбінат», магутнасць якога дазваляе адначасова захоўваць 500 тон прадукцыі

22 мая 2015 года - адкрыты этнаграфічны музей «Сялянская хата»

з лістапада 2015 года адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ў г. Дзісна

у маі 2016 года - ДУА «Миорская СШ № 3» прысвоена імя Героя СССР Ягора Андрэевіча Тамко.

19 кастрычніка 2016 года – увод у эксплуатацыю новага дома ў Міёрах па вул. Партызанская, 1 (ММПЗ-груп)

29 снежня 2016 года – увод у эксплуатацыю магістральнага газаправода-адводу і газаразмеркавальнай станцыі, прызначаных для газазабеспячэння горада Міёры

17 верасня 2017 года - у г. Міёры адбылося адкрыццё скульптуры «Жураўліная вернасць»

4 кастрычніка 2017 года - на набярэжнай г. Міёры ўстаноўлена скульптура «Маці Божай»